ХТО ТАКI ЗЮЗЯ?
Усе беларусы ведаюць, хто такі Дзед Мароз, Санта Клаўс і нават Ёўлупукі, але не кожны беларус ведае свайго, беларускага зімовага персанажа – Зюзю.
Зю́зя (мароз) — бог холаду ў язычніцкай міфалогіі ўсходніх славян. Паходзіць ад дзеяслова «зюзець» — мерзнуць, калець ад марозу.
Для беларусаў уладар зімы і маразоў Зюзя пануе ў перыяд ад калядаў і аж да дня вясновага раўнадзенства і ўвасабляе ён сабой сцюжу і люты мароз.
Вось якім уяўляюць Зюзю беларусы: кажуць, што ён стары, з белымі, як снег, валасамі на галаве і такой жа даўжэзнай барадой, нізенькага росту, тоўсты; увесь у белай цёплай вопратцы; ногі ў яго босыя і галава нічым не пакрытая. У руцэ носіць жалезную булаву. Ад яго подыху ўзымаецца завіруха і мяцеліца.
Каб неяк задобрыць Зюзю, беларусы напярэдадні Новага года гатуюць, як звычайна, куццю, адкладваюць частку яе ў асобную талерку і пакідаюць на ноч на асобным стале: куцця застаецца цэлая, але агульнае павер'е сведчыць, што яе з'ядае Зюзя.
Кажуць, нібыта Зюзя, раззлаваўшыся на людзей, звычайна стукае сваёй булавой у які-небудзь пень і гэтым магутным ударам робіць такі пераварот, такую ломку па ўсёй зямлі, што зямля, а часам і дамы трэскаюцца.
#etno #byetno #etnoby #belarus #беларусь #дзед_мароз #зюзя #новый_год