СЛАВУТАСЦІ БЕЛАРУСІ КАМЯНЕЦКАЯ ВЕЖА У горадзе Камянец Брэсцкай вобласці знаходзіцца ўнікальны помнік архітэктуры і абарончага дойлідства другой палавіны XIII стагоддзя – Камянецкая вежа (Камянецкі стоўп). На ўзгорку каля некалі паўнаводнай ракі Лясная ўзвышаецца велічнае збудаванне, падобнае на вялізную шахматную ладдзю. ГІСТОРЫЯ КАМЯНЕЦКАЙ ВЕЖЫ Згодна з летапісамі, Камянецкая вежа ўзведзена паміж 1276 і 1288 гадамі. Па загаду галіцка-валынскага князя Уладзіміра Васількавіча дойлід Алекса знайшоў месца, дзе ў хуткім часе з’явіліся горад і Вежа з драўляным замкам. Камянецкая вежа адносіцца да тыпу валынскіх і мае агульныя рысы з вежамі-данжонамі, распаўсюджанымі ў XII-XIII стагоддзях у Заходняй Еўропе. Пяціяруснае круглае ў плане збудаванне (вышыня амаль 30 м, таўшчыня сцен 2,5 м, вонкавы дыяметр 13,6 м) стаіць на каменным фундаменце вышынёй каля 2,3 м і дыяметрам 16 м. Вежа складзена з цэглы цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў. Вежа ў Камянцы была абарончай і мае мала элементаў архітэктурна-дэкаратыўнай пластыкі: вузкія байніцы, 4 плоскія нішы з паўцыркульнымі завяршэннямі. Верхнюю пляцоўку акружаюць 14 прамавугольных зубцоў з адтулінамі для агляду, па перыметры асаблівым чынам выкладзена дэкаратыўная паласа. Такія вежы ў Сярэднія вякі існавалі ў многіх гарадах Беларусі: Брэсце, Гродне, Мсціславе, Мядзеле, Навагрудку, Полацку, Радашковічах, Тураве, Шклове, але да нашых дзён захавалася толькі Камянецкая. У гэтым яе ўнікальнасць. У XIV-XVII стагоддзях вежа вытрымлівала набегі крыжаносцаў, штурмы войскаў польскіх і літоўскіх князёў, каля яе сцен змагаліся арміі Рэчы Паспалітай, Швецыі і Маскоўскай дзяржавы. Да XIX стагоддзя Камянецкая вежа страціла абарончае значэнне, была занядбана. У 1822 годзе яе спрабавалі разабраць на цэглу, але за стагоддзі кладка ператварылася ў сапраўдны камень. Рэшткі землянога вала і драўлянага замка зніклі ў 1903 годзе пры правядзенні рэстаўрацыйных работ. Па праекту архітэктара Суслава вакол вежы знялі пласт зямлі, і першы ярус, які раней лічылі скляпеннем, зноў апынуўся на паверхні. Вакол вежы насыпалі і абклалі каменем кальцавы вал. У такім выглядзе помнік захаваўся да нашых дзён. З Камянецкай вежай звязана шмат легенд, праўдападобных і фантастычных. Напрыклад, што каменны стоўп – помнік невядомаму волату, які будаваў вежу. Гістарычныя назвы вежы ў Камянцы – Камянецкая вежа, Камянецкі стоўп… Тым не менш, сёння яе часта называюць Белая вежа. #etno #etnoby #belarus #беларусь #камянецкая_вежа #славутасцi_беларусi