Слуцкія паясы
Славутыя слуцкія паясы – адна з нацыянальных рэліквій беларусаў, цудоўны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які стаў не толькі гістарычным культурным сімвалам, але і сучасным брэндам Беларусі.
Надзвычай прыгожы, сімвалічны і дарагі прадмет мужчынскага гардэроба, даступны толькі выхадцам з вышэйшых саслоўяў – слуцкія паясы – ткалі ў Беларусі яшчэ ў XVIII стагоддзі. З імі звязаны дзіўныя падзеі і сямейныя таямніцы, загадкавыя і часам містычныя гісторыі.
Сёння старадаўнія слуцкія паясы – рарытэт: у Беларусі захоўваюцца адзінкавыя экзэмпляры і фрагменты, а большая частка твораў нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва знаходзіцца ў музейных і прыватных калекцыях свету.
Тым не менш, у нашай краіне адроджаны ўнікальныя традыцыі вырабу слуцкіх паясоў. Сучасныя майстры робяць іх дакладныя копіі, аналагі і мастацкія стылізацыі, якія могуць стаць эксклюзіўным сувенірам з Беларусі.
Слуцкія паясы: гісторыя нацыянальнага сімвала
Доўгія шырокія паясы з прыгожым малюнкам і складаным пляценнем з каштоўных нітак атрымалі распаўсюджанне на беларускіх землях яшчэ ў XVI-XVII стагоддзях. Гэтаму садзейнічалі паданні аб паходжанні арыстакратыі Рэчы Паспалітай ад старажытных ваяўнічых плямёнаў сарматаў.
У адзенні магнатаў пояс быў сімвалам прыналежнасці да эліты, шматвяковых сямейных традыцый і, вядома, заможнасці. Дарагія паясы для шляхты прывозілі з усходніх краін, але ў ХVIII стагоддзі на беларускіх землях сфарміравалася ўнікальная мастацкая з’ява – "слуцкі пояс".
Беларускія ткачы стварылі свае непаўторныя ўзоры і сімвалічныя матывы, эксклюзіўную тэхналогію. Сусветную вядомасць атрымалі паясы Слуцкай персіярні – мануфактуры самай заможнай і ўплывовай дынастыі Еўропы Радзівілаў.
Першая персіярня ўзнікла ў Нясвіжы, але па распараджэнні Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі ў 1750-я гады яе перанеслі ў Слуцк, які здаўна славіўся ўмелымі ткачамі.
Для кіравання быў запрошаны вядомы майстар Ян Маджарскі (Аванес Маджаранц армянскага паходжання, які працаваў у Стамбуле, Станіславе). У 1777-1807 гадах мануфактурай кіраваў яго сын Лявон.
У час росквіту ў Слуцку працавалі да 55 ткачоў (толькі мужчыны!), столькі ж чаляднікаў і прадзільшчыц. На 20-25 станках штогод выпускалі каля 200 паясоў вельмі тонкай работы.
У хуткім часе слуцкія паясы пачалі капіраваць на іншых мануфактурах: у беларускіх Гродне, Слоніме, Ружанах, Паставах, Карэлічах, Шклове, польскіх Кабылках, Ліпкаве, Кракаве, Гданьску, французскім Ліёне, у Аўстрыі…
Лічаць, што сёння ў свеце захавалася каля тысячы слуцкіх паясоў. І амаль усе яны знаходзяцца за межамі Беларусі: у музейных зборах Польшчы (Варшава, Кракаў, Познань, Гданьск), Украіны (Кіеў, Львоў), Расіі (Масква, Санкт-Пецярбург), Літвы (Вільнюс, Каўнас), у прыватных калекцыях.
Беларускія музеі захоўваюць 11 слуцкіх паясоў розных гадоў вырабу і рознага стану, а таксама шматлікія фрагменты.
Слуцкі пояс: асаблівасці і сакрэты
Класічны слуцкі пояс – гэта раскошная доўгая (до 3,5-4 м) тканіна шырынёй 35-40 см, якую, складваючы ўдвая або скручваючы, павязвалі паверх шляхецкага адзення (кунтуша).
Шыкоўны аксесуар мог быць адна-, двух-, трох-, чатырохбаковым. Кожны з бакоў выкарыстоўваўся ў залежнасці ад каларыту адзення і сітуацыі. Напрыклад, на свята пояс павязвалі наверх залатой, чырвонай часткай; у жалобу выкарыстоўваўся чорны бок; у паўсядзённым жыцці – зялёны і шэры.
Па кампазіцыі слуцкі пояс падзелены на тры часткі: два прамавугольныя канцы і асноўная частка ("сярэднік").
На "канцах" ткалі ўзоры кветак, пераплеценых сцяблін з лістамі, галінак дрэва, медальёны разнастайнай формы. Асноўная частка складалася з папярочных аднатонных палос або палос з арнаментам. Часам тут з’яўляўся "лускавы" (падобны на рыбіну луску) малюнак або ўзор "у гарошак".
Уздоўж бакоў пояса – вузкі бардзюр з раслінным арнаментам. Канцы таксама завяршае паласа з арнаментам і махры.
Слуцкі пояс ткалі з натуральных шаўковых нітак: звычайных і абкручаных вельмі тонкім залатым або сярэбраным дротам. Такі каштоўны аксесуар называўся "літым", бо пасля пракатвання крыху шурпатага пояса цераз спецыяльны вал з’яўляліся незвычайная гладкасць і раскошны бляск.
На кожным поясе слуцкія майстры ставілі асаблівыя меткі: у час Рэчы Паспалітай – на лацініцы, пазней на кірыліцы: "SLUCK", "SLUCIAE", "SLUCIAE FECIT", "MEFECIT SLUCIAE" ("Мяне зрабіў Слуцк"), "ВЪ ГРАДЪ СЛУЦКЪ"…
Цікавыя факты пра слуцкія паясы
Сапраўдны слуцкі пояс мог змяшчаць да 200 грамаў золата: за адзін такі дарагі аксесуар у даўнія часы можна было купіць некалькі пародзістых коней або нават невялікі маёнтак.
У 1939 г. унікальная калекцыя слуцкіх паясоў з Нясвіжскага замка была перададзена ў Дзяржаўную карцінную галерэю Беларусі. Але ў пачатку вайны гэтыя шэдэўры, створаныя па спецыяльным заказе Радзівілаў, зніклі.
Убачыць шляхціца ў слуцкім поясе можна на партрэце Войцеха Пуслоўскага, які быў уладальнікам палаца ў Косаве. Аўтар карціны – таленавіты мастак Валенцій Ваньковіч.
Матывы слуцкага пояса адлюстраваны на ліхтарных слупах уздоўж праспекта Незалежнасці ў Мінску. Яны створаны па праекце даваеннага дырэктара Дзяржаўнай карціннай галерэі Мікалая Міхалапа.