500-ГОДДЗЕ НАЦЫЯНАЛЬНАГА КНІГАДРУКАВАННЯ На гэтым тыдні Беларусь адзначыла 500-годдзе нацыянальнага кнігадрукавання. 6 жніўня 1517 года ў Празе выйшла ў свет Біблія на старажытнай беларускай мове - "Псалтыр", якую выдаў Францыск Скарына з Полацка. Менавіта гэтая дата лічыцца днём нараджэння беларускага кнігадрукавання, 500-годдзе якога мы адзначаем у гэтым годзе. Біблія Францыска Скарыны стала першай друкаванай кнігай для ўсходніх славян. Яна выйшла раней, чым англійскі і французскі пераклады, амаль на 50 гадоў апярэдзіла "Апостал", выдадзены ў маскоўскай друкарні. Гэта быў навуковы, духоўны і адукацыйны прарыў. Францыск Скарына пакінуў нашчадкам перакладзеныя на блізкую да народнай мову біблейскія кнігі. Ён таксама адным з першых вывеў беларускую мову на ўзровень літаратурнай нормы. Біблія ў выданні доктара Скарыны - гэта не царкоўнае і не чыста акадэмічнае выданне для навуковых мэтаў, гэта - першае выданне Святога Пісання для хатняга чытання. На працягу 1517-1519 гадоў у Празе Францыск Скарына выпусціў у свет звыш 20 ілюстраваных біблейскіх кніг, перакладзеных ім на зразумелую шырокаму чытачу мову. Кожную з кніг выдавец забяспечыў прадмовай і пасляслоўем, якія адлюстроўваюць канфесійныя, філасофскія і асветніцкія погляды Скарыны. Таксама Францыск Скарына аздобіў свае кнігі высокамастацкімі гравюрамі, па якіх можна вывучаць жыццё беларусаў тых гадоў - побыт, адзенне, тэхніку будоўлі. Смела адступаючы ад канонаў, Скарына прадставіў у Бібліі ўласны партрэт. Дзейнасць Францыска Скарыны аказала велізарны ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства ў Беларусі, ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім, іншых усходнеславянскіх краінах. Кнігі Францыска Скарыны аказалі ўплыў не толькі на развіццё духоўнай культуры Беларусі, але стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях. У Беларусі і ва ўсім свеце шануюць памяць славутага першадрукара. 1990 год быў абвешчаны ЮНЕСКА годам Францыска Скарыны. 2017-ы год, аб'яўлены ў Беларусі Годам навукі, праходзіць яшчэ і пад знакам Францыска Скарыны. Дата 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мае сусветную значнасць і ўнесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА. У Мінску 14-15 верасня 2017 года пад эгідай ЮНЕСКА пройдзе Міжнародны кангрэс "500 гадоў беларускага кнігадрукавання". Яго імя носяць навучальныя ўстановы і вуліцы, бібліятэкі і грамадскія аб'яднанні. У гонар Скарыны названыя вышэйшыя ўзнагароды Беларусі: ордэн і медаль. Помнікі Скарыну ўстаноўлены ў Мінску, Полацку, Лідзе, а таксама ў Калінінградзе, Вільні і Празе. #etno #etnoby #belarus #беларусь #францыск_скарына